выставачны праект у нацыянальным мастацкім музее
рэспублікі беларусь


Кожнае грамадства ў працэсе свайго станаўлення і развіцця вылучае архетыпічныя колеры сваёй культуры, дае ім азначэнні і надзяляе сэнсам, выпрацоўвае для іх коды і каштоўнасці, рэгламентуе іх ужыванне і задачы. Для беларускай культуры адным са знакавых колераў з’яўляецца чырвоны. Яго прысутнасць у шырокім спектры твораў нацыянальнага мастацтва, дзе гарманічна перапляліся традыцыі розных этнасаў, канфесій, стыляў і напрамкаў, гаворыць як пра яго архетыпічную ўніверсальнасць, так і пра багатыя асацыятыўныя магчымасці. Выставачны праект “Чырвоны – код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада” ставіць сваёй задачай рэпрэзентаваць значнасць і полісемантычную вобразнасць чырвонага колеру ў беларускай культуры.

Партнёр выставы - замежнае ўнітарнае прадпрыемства “Брытыш-Амерыкан Табакка Трэйдынг Компані”
Семантыка чырвонага:
  • каханне і нянавісць
  • жыцце і смерць
  • надзея і пакута
  • абарона і небяспека
  • чароўнае і дэманічнае

Гэтая варыятыўнасць абумоўлена тым, што чырвоны – адзін з самых старажытных колераў, які пачаў выкарыстоўваць чалавек у розных сферах свайго жыцця: духоўнага, сацыяльнага, палітычнага. На працягу некалькіх тысячагоддзяў міжкультурных абменаў гэты колер здолеў назапасіць багаты сімвалічны дыяпазон значэнняў.

Амбівалентнасць чырвонага можна прасачыць у дзясятках твораў, прадстаўленых на выставе, – ад старажытнага да сучаснага актуальнага мастацтва. Экспазіцыя пабудавана ў форме “дыялогу” твораў розных эпох, відаў і стылістычных кірункаў, дзе чырвоны колер успрымаецца з пазіцый сакральнасці, эстэтыкі і ўлады, дэманструючы шматвяковы вопыт асэнсавання карціны свету і спосаб самапазнання беларускага народа.
Лунніца з выемкавымі эмалямі III – ІV ст.
Адзін з самых распаўсюджаных старажытных тыпаў упрыгожванняў, які нагадвае месяц у яе серпападобным выглядзе і належыць да многіх эпох і культур. Характэрная месяцападобная форма падвесак гаворыць пра паганскія ахоўныя амулеты, звязаныя з культам месяца. Сведчанне выкарыстання славянамі такіх абярэгаў выказана ў фразе мітрапаліта кіеўскага Георгія (XI стагоддзе): “…калі хто цалуе месяц, хай будзе пракляты”.
Ганна Федарцова. Рушнік. 1970-я гг.
У экспазіцыі выставы “Чырвоны – код нацыі. Сакральнасць, эстэтыка, улада” гэты экспанат займае асаблівае месца, бо ручнік сумяшчае ў сабе розны семантычны патэнцыял чырвонага колеру ў беларускім мастацтве. Сакральнасць чырвонага выражана праз гарызантальныя палосы архаічнага ромбагеаметрычнага арнаменту. Эстэтычная дасканаласць спалучэння ніцей чырвонага колеру на белым палатне даўно стала сімвалам нацыянальнай культуры. Ідэалагічнае панаванне чырвонага колеру паказана ў вышываным сцягу Савецкага саюза і беларускім сцягу ўзору 1951 года, у аснову арнаменту якога лёг узор “Узыходзячае сонца”, вытканы ў 1917 годзе Матронай Маркевіч.

Пояс XX ст.
У народным уяўленні пояс валодаў разнастайнымі магічнымі ўласцівасцямі, ахоўваў цела ад хвароб і няшчасця. Чырвоны пояс суправаджаў большасць абрадаў праз ўсе жыццё чалавека. Так, напрыклад, пасля першага купання дзіця туга спавівалі чырвоным поясам-спавічом, каб засцерагчы немаўля ад сурокаў і хвароб.

У славянскай культуры чырвоны – гэта базавы колер, які служыць сінонімам прыгажосці. Арнамент, акрамя сімвалічнага значэння, таксама павінен упрыгожваць прадмет, на якім ён знаходзіцца. У пэўны час у свядомасці старажытных майстрых геаметрычны арнамент і дамінуючы ў ім чырвоны колер сталі вяршыняй эстэтычнай дасканаласці беларускага традыцыйнага тэкстылю.

САКРАЛЬНАСЦЬ
Хрышчэнне Гасподняе. XVIII ст. (фрагмент)
У Старым Запавеце Бог Яхве часта з’яўляецца праз вобраз агню, як, напрыклад, у эпізодзе з Неапалімай Купінай (Зыход 3:2) або ў апісанні ўцёкаў яўрэяў з Егіпта, калі па начах ідзе перад імі ў выглядзе вогненнага слупа (Зыход 13:21). Так, на абразе “Богаяўленне” Бог-Айцец прадстаўлены ў нябёсах вогненных, па прыкладзе старазапаветных пісанняў. Іаан Хрысціцель – у вогненна-чырвоным адзенні, хутчэй адпаведным вопратцы пакутнікаў, у напамін пра далейшую яго пакутніцкую смерць у палацы цара Ірада.
сакральнасць чырвонага колеру


Архангел Міхаіл XIX ст.
Рымскія ваеначальнікі вышэйшых рангаў насілі ярка-чырвоныя плашчы paludamenta, якія служылі сімвалам іх статусу. Гэта значэнне рымскага paludamenta перайшло ў праваслаўны іканапіс, дзе Архангел Міхаіл, якога называюць ваяводам нябесных сіл, адлюстроўваецца ў падобным чырвоным плашчы.

Уладзімір Васюк. "Лад".2004 (фрагмент)
Яйка ў старажытным уяўленні з’яўлялася сімвалам першакрыніцы жыцця і ўрадлівасці. Пафарбаванае ў чырвоны колер яйка у хрысціянскай традыцыі сімвалізуе кроў, пралітую Ісусам Хрыстом дзеля збавення людзей ад грахоў. Такое яйка называецца велікодным.

Аляксандр Сушкоў. Страсці. 2015 (фрагмент)
Чырвоную чашу, якая стаіць на стале перад Ісусам, можна ўспрымаць як сімвал крыжовых пакут. Уваходзячы ў Іерусалім на напярэдадні Вялікадня, Ісус пытаўся ў сваіх вучняў: “Ці можаце піць чашу, якую Я п’ю, і хрысціцца хрышчэннем, якім Я хрышчуся?”, маючы на ўвазе будучае выпрабаванне, бо ў старажытнасці быў звычай пасылаць некаторым з асуджаных на пакаранне чашу з атрутай; таму выраз піць чашу азначаў: выпрабоўваць пакуты, якія сканчаюцца смерцю.
Уладзімір Крукоўскі. Плакат "Грунвальд". 2001

У кантэксце плаката Уладзіміра Крукоўскага чырвоны колер сімвалізуе доблесць, магутнасць і славу воінаў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якія атрымалі перамогу над рыцарамі Тэўтонскага ордэна 15 ліпеня 1410 года. Кампазіцыя плаката выразна нагадвае воінскі шчыт з Латарынгскім крыжам, які адлюстроўваўся на гербе Вялікага Княства Літоўскага “Пагоня”.
Сарматызм
Вядома, што ў Заходняй Еўропе рыцары насілі чырвоны колер на вайне, турнірах і на паляванні, у тых сферах, дзе ён павінен выклікаць страх і захапленне. Шляхецкая ідэалогія Рэчы Паспалітай, званая сарматызмам, хоць і была арыентавана на ўмоўна “ўсходні” парадны касцюм (жупан, кунтуш, слуцкія паясы, шабля), аднак атрымала ў спадчыну заходнееўрапейскае стаўленне да чырвонага, які яшчэ ў старажытных рымлян быў колерам бога вайны Марса.



Язэп Драздовіч. Герб студэнцкай карпарацыі "Скарынія". 1932
Адзіная ў гісторыі беларуская студэнцкая карпарацыя “Скарынія” дзейнічала ў 1931–1934 гг. у Віленскім універсітэце імя Стэфана Баторыя. У якасці сваіх сімвалічных колераў карпарацыя прыняла чорны, залаты і чырвоны, якія адпаведна сімвалізавалі: чорны – жалобу, залаты – зорку адраджэння, а чырвоны – барацьбу.
У кантэксце плаката Уладзіміра Крукоўскага чырвоны колер сімвалізуе доблесць, магутнасць і славу воінаў Каралеўства Польскага і Вялікага Княства Літоўскага, якія атрымалі перамогу над рыцарамі Тэўтонскага ордэна 15 ліпеня 1410 года. Кампазіцыя плаката выразна нагадвае воінскі шчыт з Латарынгскім крыжам, які адлюстроўваўся на гербе Вялікага Княства Літоўскага “Пагоня”.
Палітычны чырвоны
улада
Юрый Зайцаў. "Мы наш новы свет пабудуем". 1984

У індустрыяльнай Еўропе сярэдзіны XIX стагоддзя чырвоны сцяг становіцца сімвалам пратэстнага выступлення партый і прафсаюзаў, што абаранялі правы рабочых, якія ставілі ў якасці аднаго з асноўных патрабаванняў увядзенне васьмігадзіннага працоўнага дня. З 1889 года Першае мая стала “святам міжнароднай салідарнасці працоўных”, а чырвоны сцяг – яго неад’емным атрыбутам.

Леанід Дударэнка
"Мінск 1919 года" (1977)
Зарадзіўшыся ў Францыі ў часы Вялікай французскай рэвалюцыі, палітычны чырвоны знайшоў сваю падтрымку ў камуністычнай ідэалогіі. Партыя бальшавікоў, якая перамагла ў Рускай рэвалюцыі 1917 года, абвяшчае дыктатуру пралетарыяту ў форме ўлады Саветаў і выбірае сваім сімвалам чырвоны сцяг. Затым ён становіцца афіцыйным дзяржаўным сцягам СССР, што ўтварыўся ў 1922 годзе і ў склад якога ўваходзіла Беларусь да 1991 года.

Яфім Тарас. Плакат "Усе на выбары
ў саветы працоўных дэпутатаў". 1951
У царкоўных календарах існавала традыцыя афарбоўваць усе нядзельныя і святочныя дні ў сімвалічны ўрачысты чырвоны колер. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года гэтая практыка была перанесена ў новы ідэалагічны кантэкст з новымі святамі. Калі ў дарэвалюцыйным календары кожны нядзельны дзень афарбаваны ў чырвоны асацыіраваўся з пасхальнай ідэяй перамогі жыцця над смерцю, то ў новай сістэме савецкіх сімвалаў – з урачыстасцю сусветнага камунізму.
Супрэматычныя кампазіцыі
Надзея Хадасевіч-Лежэ
Як чырвоны сцяг у пачатку XX стагоддзя становіцца сімвалам рэвалюцыйнай барацьбы і левага руху, так і супрэматызм сваёй жывапіснай мовай абвясціў абсалютна новы пачатак у выяўленчым мастацтве. На думку Казіміра Малевіча, колер трэба вызваліць ад дадатковай ролі. З гэтага часу чырвоны – гэта самадастатковы, дынамічны, тэмпераментны колер на палатне, а не нейкая навязаная яму функцыя.
Генадзь Змудзінскі. "Праект герба БССР". 1921
У камуністычнай ідэалогіі пяціканцовая зорка ўказвала на адзінства сусветнага пралетарыяту ўсіх пяці кантынентаў Зямлі: пяць канцоў зоркі сімвалізавалі пяць мацерыкоў планеты. Чырвоны колер – колер пралетарскай рэвалюцыі. Ён павінен быў аб’яднаць усе пяць кантынентаў адзінай мэтай і адзіным пачаткам. Вялікая савецкая энцыклапедыя давала такую трактоўку гэтаму знаку: “...чырвоная пяціканцовая зорка... – сімвал канчатковай урачыстасці ідэй камунізму на пяці кантынентах Зямнога шара...”.


Аляксандра Галубкіна.
"На тэкстыльнай фабрыцы" 1927
Самым папулярным галаўным уборам маладых камуністак першых гадоў савецкай улады была чырвоная хустка, завязаная на патыліцы вузлом. Гэты элемент жаночага “пралетарскага” касцюма наглядна дэманстраваў класавую і партыйную прыналежнасць яго ўладальніцы.

Мікалай Залозны. "Макі"
1968
Чырвоны мак у гісторыі XX стагоддзя стаў сімвалам памяці ахвяр Першай сусветнай вайны, а пасля – ахвяр усіх ваенных і грамадзянскіх узброеных канфліктаў, пачынаючы з 1914 года. Як сімвал ваенных ахвяр колер маку ўпершыню з’яўляецца ў вершы канадскага ваеннага ўрача Джона Макрэя “На палях Фландрыі” (1915), які пачынаецца словамі:
“На палях Фландрыі паміж крыжамі
Калыша вецер мак радамі”.
На карціне экспрэсіўны, крывава-чырвоны гаворыць пра тысячы воінаў, якія загінулі на палях бітваў Вялікай Айчыннай вайны.
З выставай у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь (вул. Леніна, 20)
можна пазнаёміцца да пачатку жніўня.
Музей працуе з 11:00 да 19:00. Каса і ўваход для наведвальнікаў – да 18:30. Выхадны дзень – аўторак.



Нацыянальны мастацкі музей публікуе графічную і тэкставую інфармацыю выключна ў мэтах азнаямлення. Выкарыстанне матэрыялаў, апублікаваных на гэтай старонцы, можа быць ажыццёўлена толькі ў выпадку ўзгаднення з адміністрацыяй музея.
This site was made on Tilda — a website builder that helps to create a website without any code
Create a website